Адэльск – гэта цудоўны край поўны паданняў і забабонаў.

ГАВОРАЦЬ, ШТО…

Адна з гіторый аб тым, як адна жыдоўка закахалася ў католіка, яе родныя працівіліся гэтага шлюбу, і яўрэйская грамада зварыла маладую зажыва ў катле.

Амаль кожны жыхар можа расказаць гісторыю аб тым, што з часоў вайны ў нейкага дзеда (ніхто не векдае ў якога) ў дровах схаваны танк.

А яшча ўся вёска ведае аб тым, што пад-час вайны на дах касцёла ўпала бомба, але не ўзарвалася. Расказваюць і пра каменную дарогу, што вяла з Адэльска ў Крынкі.

Гавораць, што некалі, яшчэ ў часы Расійскай імперыі, у Адэльск прыйшлі казакі з Расіі, якія тут ўчынілі разбой: хапалі дзяўчат, забіралі каштоўнасці, скаціну. Тады адэльчане звярнуліся са скаргай «да вышэйшай найсвяцейшай улады» (так тут называюць Ватыкан). Адтуль ў скорым часе прыйшоў загад ў Расію, пасля чаго казакі больш не чапалі мясцовых жыхароў.

У часы Расійскай імперыі ў Адэльск прыязджала дэлегацыя з Пецярбургу, каб заснаваць тут інжынернае вучылішча. Але адэльчане адмовіліся выдзяліць зямлю: вучылішча прыйшлося будаваць ў Маскве, і гэта навучальная установа нібыта да цяперашняга часу называецца «Адэльскай» .

Пад час ні то турэцкай, ні то японскай вайны цар аддаў загад зняць касцёльныя званы. Людзі доўга не хацелі аддаваць святыню, але «ўлада ёсць ўлада»: як спрачацца з мацнейшым? Званы знялі і павезлі на усход. Кожны звон меў сваю назву (Святы Ян, Антон …). Назвы гэтыя былі адліты на іх. Адзін з мясцовых жыхароў, які вяртаўся з вайны, выпадкова заўважыў на нейкай таварнай станцыі кінутыя званы. Ён запісаў іх назвы і зацікавіўся, адкуль яны ўзяліся тут. Аказалася, што гэта яго «землякі». Тады адэльскія святары вярнулі рэліквію дамоў.

А яшчэ гавораць, што званы тут гучаць з-пад зямлі: іх можна пачуць, прыклаўшы да яе вуха. Некалі ў далёкім мінулым, за невядомыя грахі праваліліся пад зямлю касцёлы, і цяпер яны сваім звонам папярэджваюць жывых. Месца, дзе можна чуць званы, называецца «Цвінторушкі» (цвінтар – агароджа касцёла).

Прыказкі і прымаўкі в. Адэльск, сабраныя краязнаўцам А. Цухуном

Быў бы дожджык, быў бы гром – нам не трэба аграном.

Век жыві – век вучыся, а дурнем памрэш.

Вочы відалі, што купавалі, а цяпер плачце, хоць павылазьце.

Дзе чорт сам няўмее – туды бабу пашле.

І мясаед прайшоў, і ніхто не зайшоў.

Люлі, люлі, дзіця, спаць, адна маці – бацькоў пяць.

На Мацея – зіма пацее.

Ні з музыкі, ні з млынажа век не будзе гаспадажа.

Пакуль з багатага пух, то з беднага выйдзе дух.

Паны сварацца, а ў мужыкоў лабы трашчаць.

Сваё дзіця не кацяня, за плот не выкінеш.

Прыказкі, сабраныя краязнаўцам Канстанцінам Карнялюком у в. Адэльск

Грэшнае цела і душу з'ела.

Уласны запах чалавеку невядомы.

Для добрай бяседы ўсялякая падстава файная.

Недоўга думаў, ды добра сказаў.

Пачутае беражы, час прыйдзе – згодзіцца.

Многа гаворыш, ды нічога не ведаеш.

Індзюк думаў, думаў, а яму галаву адсеклі.

Рэч палюбіцца – розум раступіцца.

У Прынямонскай нісхадзімай пушчы лютыя марозы бываюць.

Без меры і лапця не спляцеш.

Не пытайся ўраджаю, а сей ды маліся Богу!

Нарадзіўся гэты праныра на сем дзён раней чым чорт.

Залез на дрэва, а лесвіцу прыбраў.

Дрэнны той сокал, якога варона з месца збіла.

Злосны, ды не дужы – сам сабе вораг.

Праўдзівыя словы – горкія.

Калі няма дабрыні ў тваёй душы – прыдай хоць бы добры выгляд.

У галаве цёмна – увесь свет змрочны.

Добры, як пан: сам ракаў пад'еў, а іншым клюшкі аддаў.

Сам чорт не разбярэ, хто каго дзярэ.

Багаты Аўдзей – поўна хатка дзяцей.

Мая бяда – мая нуда.

Прыйшлі галодныя весці: няма чаго есці.

Я не генералаў зяць – з мяне нечага ўзяць.

Трэба і бацькоўскага неба, і матчынага хлеба.

Багатаму цяжка бедную любіць.

Ён па жыцці не арэ, не сее і не жне.