Pахмелева прадказанне


Недалёка ад мястэчка Адэльск знаходзілася яўрэйскае сельскагаспадарчае пасяленне , якое называлася Ісаакава, або Калонія Ісаака. У час другой сусветнай вайны яўрэяў, жыхароў пасялення, вывезлі ў нямецкія канцлагеры і знішчылі. Ісаакава прыйшло ў заняпад. Але да цяперашнега часу ў нейтральнай паласе Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь з Рэспублікай Польшча ў палутара кіламетрах ад Адэльска кожную вясну зацвітаюць белай кіпенню некалі раскошныя сады, а з зямлі і травы выглядаюць мураваныя фундаменты дамоў, бяжыць удалеч да польскага горада Сакулка зарослая дарога. А ў полі каля Адэльска, як напамінанне аб былых часах, цягнецца роў, які з даўніх часоў людзі называюць Рахмелеў. Спытаецеся, чаму яго так называюць? Аб гэтым і распавядае паданне.



Жыў у Ісаакава адзін вельмі стары чалавек па імені Рахмель. Многа гадоў пражыў ён на свеце і многа ведаў аб жыцці. Паважаў яго мясцовы люд за мудрасць, разважлівасць, цярплівасць. Нездарма тутэйшыя яўрэі выбралі яго старэйшым і ў цяжкіх выпадках заўсёды хадзілі раіцца да старога. Было ў Рахмеля поле. Выдаваліся там выдатныя ураджаі. Каб не зайздросцілі і не шкодзілі яму людзі, адкапаўся Рахмель ад агульных палёў ровам. Так да сённяшняга дня гэтае месца называюць людзі Рахмелеў роў.

Вельмі разумным чалавекам быў Рахмель, знаў грамату, многа чытаў. І нават, як расказвалі людзі, умеў прадказваць будучыню.

Аднойчы сядзеў стары са сваімі суседзямі, моўчкі паглядаў на сваё пасяленне і думаў аб чымсьці сваім, патаемным. Доўга маўчаў Рахмель, а потым кажа:

– Вось памру я, і тут стане такая мяжа, што ніхто не пройдзе, і зайца будуць затрымліваць”.

Падзівіліся яго словам аднавяскоўцы і не паверылі старому. Падумалі – з глузду з’ехаў.

Прайшлі гады, памёр стары Рахмель. Пачалася другая сусветная вайна. Многа людзей загінула. А пасля вайны на месцы, дзе было пасяленне Ісаакава, якраз прайшла дзяржаўная мяжа. І тады людзі прыпомнілі словы Рахмеля і яшчэ раз падзівіліся мудрасці старога.


Легенда заснавана на ўспамінах Сарокі Я.І.