У Гродзенскім раёне на рацэ Одла ляжыць мястэчка Адэльск. Яно мае цікавае мінулае. На розных гістарычных этапах мястэчка перажывала розныя перамены і страты. Маючы багатую гісторыю, Адэльск заслугоўвае ўвагі яго жыхароў і будучых пакаленняў, таму мы прысвячаем гэты летапіс нашай малой Радзіме.

Вёска Адэльск размяшчаецца ў 30 км на паўднёвы захад ад г. Гродна Гродзенскага раёна, Гродзенскай вобласці, Рэспублікі Беларусь. У 1,5 км ад дадзенай мясцовасці праходзіць дзяржаўная мяжа з Рэспублікай Польшча. У 1,5 – 2 км на паўднёвы усход ад вёскі знаходзіцца Бераставіцкі раён.

Каардынаты: 53°24′20″ п. ш. 23°45′45″ усх. д.

Вёска размяшчаецца на рацэ Одла (Адлянка), на старым гандлёвым шляху з Гродна праз Крынкі, Нараў, Орлю на Брэст.

Зараз аграгарадок Адэльск з'яўляецца цэнтрам сельскага Савета і СВК «Пагранічны».

За ўсю сваю гісторыю Адэльск знаходзіўся ў розных дзяржаўных утварэннях: У перыд першага свайго ўпамінання ў дакументах (1490 г.), Адэльск ўваходзіў у склад Вялікага княства Літоўскага. Затым знаходзіўся ў складзе Рэчы Паспалітай. З 1795 па 1807 год – у складзе Прусіі, затым адыйшоў да Расійскай імперыі, дзе атрымаў права заштатнага горада Сакольскага павета, Гродзенскай губерніі. З 1920 па 1939 год Адэльск уваходзіў у склад Польшчы. Пасля Вялікай Айчынай вайны нейкі час Адэльск уваходзіў у склад гмін Шудзялова і Кузніцы Беластоцкага ваяводства Народнай Польшчы. Затым, з выраўнаннем граніцы, апынуўся на тэрыторыі БССР. З 1991 года ў Рэспубліцы Беларусь.

Гродзенскi раён

Размешчаны на паўночным захадзе Гродзенскай вобласці. Створаны 15.01.1940 года. Плошча раёна складае 2,7 тыс. км². Цэнтр – г. Гродна, 383 сельскія населеныя пункты, Скідзельскі гарадскі, Сапоцкінскі пасялковы і 12 сельсаветаў: Абухаўскі, Адэльскі, Азёрскі, Верцялішкаўскі, Гожаўскі, Індурскі, Капцёўскі, Квасоўскі, Парэцкі, Путрышкаўскі, Падлабенскі, Скідзельскі.