Бiскуп Караль Пётр Панцэжыньскi, герба "Шчэпка"

Яго Эксцэленцыя ксёндз біскуп Караль Панцэжыньскі быў сынам Ежы Панцэжыньскака, каралеўскага палкоўніка. Ахрышчаны ў Адэльскім касцёле. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію са ступенню доктара філасофіі. Прыняў святарскае пасвячэнне і атрымаў у якасці бэнэфіцыя парафію ў Мінску, пасля - парафію ў Крожах. У 1696 годзе стаў канонікам віленскай катэдры. Быў рэгентам у Віленскай духоўнай смінарыі. Ад імя Віленскага капітула ў 1709 годзе служыў паслом да цара Пятра I, якога пазней урачыста віншаваў з перамогаю пад Палтаваю.

У 1712 годзе стаў беларускім суфраганам з тытулам біскупа Іерапалітанскага. Меў шмат касцёльных бэнэфіцыяў. У 1717 годзе браў удзел у Віленскім дыяцэзіяльным сінодзе як сінадальны суддзя. У 1720 годзе стаў біскупам Смаленскім. Праз некалькі гадоў, у 1724 годзе, быў менаваны біскупам Віленскім. У 1727 годзе біскуп Караль Панцэжыньскі заснаваў у Гродне кляштар ордэна баніфратраў з капліцаю і шпіталем. У віленскай катэдры пабудаваў алтарыю ў капліцы Найсвяцейшай Панны Марыі. Памёр у сваім маёнтку Каролін 19 лютага 1729 года.


Макарчык, Ю. Адэльск 1490 - 2010 / А. Юзаф Макарчык. - Мінск: «Про Хрысто». - 2010. - С. 164 - 170.