Падвойныя дываны – гонар Адэльская зямлі.
Жыхары Адэльска сапраўды могуць ганарыцца гісторыяй сваёй зямлі, яе традыцыямі, абрадамі. Многа цікавага можна ўбачыць, прыехаўшы у гэту вёсачку, якая размяшчаецца недалёка ад дзяржаўнай мяжы з Рэспублікай Польша. Тут нарадзілася шмат выдатных людзей. Адной з такіх выбітных асоб па праву можна лічыць вядомую на Беларусі ткачыху падвойных дываноў Ядвіу Аўгустаўну Райскую (1913 – 2003).
Так чым жа вылучаецца падвойны від ткацтва? Давайце даведаемся разам! Мастацкія якасці і назва «падвойныя» (двухаснавовыя, двухасноўныя) вынікаюць з асаблівасцей тэхнікі выканання. Дыван быццам складаецца з двух асобных тканін, якія спалучаюцца адна з адной па краях і ў месцах узору.
Двухасноўныя дываны прыйшлі ў сялянскі побыт у другой палове XIX стагоддзя як вырабы рамесніцкага ткацтва. Заможныя сяляне заказвалі іх ў мястэчках ў ткачоў-спецыялістаў для вясельнага пасагу. Ткацтва дываноў патрабуе шырокіх ткацкіх станоў, спецыяльных тэхнічных навыкаў снавання і навівання двухколернай асновы і ткання. У міжваенны перыяд рамяство вырабу двухасноўных дываноў пашыралася сярод вясковых жанчын.
Напярэданні Другой сусветнвй вайны даследчыкі назвалі падвойныя дываны «гродзенскімі», што падкрэслівала лакалізацыю іх тагачаснай вытворчасці паблізу Гродна і на тэрыторыі каля Аўгустава і Беластока. Ёсць меркаванне, пакуль дакументальна не пацверджанае, што ў наваколлі Гродна ў перадваенны час магла існаваць рамесніцкая майстэрня падвойных дываноў з багатым асартыментам вырабаў высокага мастацкага ўзроўню.
У пасляваенны час асноўныя цэнтры вытворчасці падвойных дываноў апынуліся па-за межамі Беларусі – на паўночна-ўсходняй тэрыторыі Польшчы ў кампактнай зоне паміж Граявам, Сувалкамі, Саколкай і Беластокам. У Польшчы гэта рамяство стала з'явай нацыянальна-культурнага ўзроўню.
На тэрыторыі Беларусі ў заходніх раёнах Гродзенскай вобласці пасля вайны падвойнае ткацтва набыло перыферыйны характар адносна гістарычна ўсталяванага ў XVIII – XIX стст. Цэнтра сваёй лакалізацыі на Польскім Падляшшы, часткова ў Мазовіі і памежжы мазур і Аўгустоўскага Паазер'я.
У другой палове XX ст. падвойныя дываны ткалі ў Гродзенгскім, Свіслацкім, Мастоўскім, Зэльвенскім раёнах, а таксама ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці. У вёсках каля Гродна такія вырабы называюць «ткацкія дываны». Такая ж назва пашырана па іншым боку ад дзяржаўнай мяжы – на Беласточчыне. Назва «ткацкія» адлюстроўвае характар вытворчасці падвойных дываноў, якія выраблялі ткачы-спецыялісты па заказах вяскоўцаў.
У канцы 1930-х гг. Ядвіга Райская навучылася падвойнаму ткацтву ў рамесніцкай майстэрні дываноў у Саколцы. Усё жыццё ткацтва дываноў было для Я. Райскай асноўным заняткам і сродкам заробку. Яна ткала дываны па заказе аднавяскоўцаў і на продаж. За зіму і вясну яна штогод вырабляла да 10 дываноў. У маладыя гады, па сведчанні майстрыхі, яна ўмела ткаць 12 узораў дываноў. У 1970-1990- я гг. Я. Райская ткала толькі 4 ўзоры, якія карысталіся найбольшай папулярнасцю ў заказчыкаў. Сама майстрыха ўласных узораў для дываноў не складала.
Кампазіцыі дываноў, якія ткала Я. Райская, маюць сярэдзіну і кайму па краях з разетак, галінак з лісцем і кветкамі, геаметрычных элементаў і матываў, стылістыка якіх бярэ пачатак ад арнаменту мадэрну пачатку XX ст. Выключэннем з'яўляецца дыван з рэгулярным узорам у цэнтры і бардзюрах у выглядзе разеткі з назвай «сланечнікі», якія майстрыха ткала ў жоўта-карычневым спалучэнні колераў. Дываны Я. Райскай у асноўным бела-цёмна-чырвоныя, зялёна-чырвоныя, жоўта-бардовыя, чорна-чырвоныя. На ўсіх яе дыванах ёсць дата выканання.
У наш час падвойныя дываны ткуць толькі асобныя майстрыхі. Сёння можна ўмоўна выдзеліць два рэгіёны ў Беларусі, дзе захоўваецца традыцыя падвойнага ткацтва. Гэта вёска Гудзевічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці і в. Падбела Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці.
Ядвіга Райская перадала свій талент мясцовай дзяўчынке Эйсмант Алене, якая захоўвае навыкі двухасноўнага ткацтва, але прафесійна ім не займаецца. Адной з вучаніц Ядвігі Райскай стала Вера Ігнатаўна Белакоз (1933 г.н.) – жонка знакамітага заснавальніка Гудзевіцкага музея Алеся Белакоза, якая пераняла і распаўсюдзіла гэтую традыцыюу в. Гудзевічы. Сёння у фондах Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея захоўваецца вялікая колькасць яе работ – падвойных дываноў.
У 2011 годзе ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь была ўнесена тэхналогія традыцыйнага падвойнага ткацтва вёсак Гудзевічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці і Падбела Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Цяпер гэта не толькі рэгіянальная, але і нацыянальная каштоўнасць.
Менавіта Я. Райскую можна лічыць спадкаемцай традыцыі і зрабіць выснову, што дзякуючы ёй вытворчасць падвойных дываноў на Гродзеншчыне не прыпынялася і мае пад сабой трывалыя гістарычныя карані.