Праз тэрыторыю Адэльска і навакольных вёсак за ўсю гісторыю іх існавання прайшло немала войнаў. Захаваліся звесткі, што на тэрыторыі Адэльскай парафіі існавала шмат «ваенных» могілак, амаль ў кожнай вёсцы. Але як падкрэсліваецца ў дакументах 1782 года, на іх не вядуцца пахаванні ўжо з незапамятных часоў.
У сярэдзіне XVII стагоддзя Адэльск і наваколле сталі тэрыторыяй, праз якую прайшла вялікая колькасць войск літоўскіх, каронных (Рэчы Паспалітай), маскоўскіх. Гэта нанесла Адэльску і яго аколіцам вялікія зруйнаванні і страты, ў выніку чаго бліжэйшыя землі эканоміі, якія пастрадалі ад войн XVII стагоддзя, былі заселены татарамі (вёскі Багонікі, Драве, Малявічы).
Пад час Першай сусветнай вайны Адэльск адным з першых аказаўся акупаваным кайзераўскімі войскамі. У раёне Гродна і павета гаспадарылі войскі 12-й германскай арміі. Больш за 4 гады акупанты рабавалі і эксплуатавалі насельніціва тэрыторыі.
Другая сусветная вайна, якая пачалася 2 верасня 1939 года, назаўсёды захавалася ў памяці жыхароў Адэльска. Больш за 20 рэзервістаў і служачых на сапраўднай службе ў польскай арміі папалі на нямецка-польскі фронт. Па рознаму склаліся іх лёсы. Некаторыя загінулі, іншыя былі ранены ці прапалі без вестак, частка вярнулася ў родныя мясціны. Аддалі сваё жыццё на палях баёў Мечаслаў Будрэвіч, Францішак Куклік, Антон Локіць, Іосіф Куклік, Антон Рудкоўскі. Пад час абароны порта ў Гданьску Нікадзім Пелудзь быў цяжка ранены і застаўся інвалідам.
Гітлераўская акупацыя прынесла насельніцтву мястэчка трагедыю. На аснове падазрэння ў сувязях з партызанамі гітлераўцы расстралялі жыхара вёскі Скраблякі Яна Алізаровіча. На работы ў Германію былі вывезены Валерыян Навацкі, Амелія Кандрусевіч, Вераніка Будрэвіч, Галіна Галамбеўская, Барцевіч Марына. Віктара Шанцілу расстралялі толькі за тое, што ён працівіўся вывазу сваіх дзяцей ў Германію.
Шмат жыхароў мястэчка ваявалі на розных франтах. У радах дывізіі імя Тадэуша Касцюшкі ваявалі Вацлаў Пясецкі, Францішэк Шанціла, Віктар Пяткоўскі. Загінулі Казімір Мілаховіч, Іосіф Ярашэвіч, Іосіф Ленартовіч. Прапаў без вестак Антоній Кандрусевіч. Нікадзім Барцэвіч застаўся інвалідам.
Вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прыйшло толькі ў ліпене 1944 года. Пасля адыходу немцаў была намечана часовая дзяржаўная мяжа. Шмат вёсак, якія ўваходзілі ў склад Адэльскай парафіі апынуліся на беларускім баку: Уснаж, Номікі, Зубрыца, Войнувцы, а таксама шэраг вёсак Сакольскага павета. Пазней дзяржаўная мяжа, згодна з падпісаным пагадненнем павінна была праходзіць ўздоўж лініі Керзона, ці ў 2 км на ўсход ад Адэльска, недалёка ад вёскі Плебанаўцы. У выніку Адэльск быў адрэзаны ад большай часткі сваёй парафіі, частка пахатных зямель, якімі валодалі жыхары Адэльска апынуліся за мяжой, тое ж самае адбылося са сваякамі. Існуе неафіцыйная версія, што здарылася гэта, таму што ў Адэльску быў камены будынак былой гміны, ў якой збіраліся размясціць штаб пагранічных войск.