Існуе некалькі версій паходжання назвы в. Адэльск. Па адной з іх назва вёскі паходзіць ад літоўскага тэрміна «іодас», ад корня – ода, у значэнні – чорны. Такое прозвішча захавалася ў Адэльску да сённяшняга часу – Іодаль (Іодзель, Ёдаль), а таксама і назва рэчкі – Одла, у значэнні чорная рэчка, парослая чаротам.
Па другой версіі назва вёскі паходзіць ад слова «поодаль».
Па трэцяй версіі Адэльск спачатку называлі «Едельском», так як вакол было шмат хвойных лясоў.
У Адэльску захавалася шмат мікратапонімаў:
Шыбенская гара – самая высокая кропка. Лічыцца, што назва паходзіць ад слова «шыбеніца», некалі тут вешалі людзей.
Марыльчына гара – мясцовае гарадзішча (каля яго жыла Марыля).
Шанцілаў лес – лес на паўднёва-заходнім ўскрайку вёскі. Названы так па прозвішчу бліжэйшых да яго жыхароў.
Ломшышкі – лес на паўночна-ўсходнім ўскрайку вёскі. Назва паходзіць ад слоў «ламаць шышкі».
Рахмелеў роў – у калоніі Ісаака (1,5 км ад Адэльска) жыў адзін вельмі стары чалавек Рахмель, ён быў старэйшым ў мясцовых яўрэяў. У яго было поле. Ён адкапаўся ад агульных палей ровам. Старэйшыя людзі да сённешнега часу называюць гэта месца Рахмелеў роў. Рахмель быў вельмі начытаным і граматным чалавекам. Ён казаў: « Я памру, і тут стане такая мяжа, што ніхто не пройдзе, і зайца будуць затрымліваць». Калі ў 1944 годзе па месцы, дзе размяшчалася яўрэйскае пасяленне правялі дзяржаўную мяжу, людзі прыпомнілі яго словы…
Чортава Ока – так называлася балота недалёка ад Адэльска. Лічылася, што ў ім няма дна.
Лясанка – адзін з лясоў каля Адэльска.
Пішчык – назва поля.
Лісьі горы – так называецца халмістая паверхня на тэрыторыі леса Ломшышкі, дзе жыве шмат ліс.
Рынак – так называецца цэнтральная частка вёскі, плошча, дзе ранней размяшчаўся рынак (торг). Менавіта ад рынку расходзяцца пяць асноўных вуліц вёскі.
Завыгонне – частка вёскі, якая размяшчаецца на ўскрайку, за рэчкай Одлай.
Канцавыя – так называюць жыхароў, якія жывуць на самым канцы Школьнай вуліцы.
Домікі – так ў вёсцы называюць тэрыторыю, дзе ў 1980-я гады былі пабудаваны 3 двухпавярховых жылых дамы.
Кардон – месца, дзе калісьці праходзіла старая мяжа. Пасля адыходу немцаў у 1944 годзе была намечана часовая дзяржаўная мяжа. Шмат вёсак, якія ўваходзілі ў склад Адэльскай парафіі апынуліся на беларускім баку: Уснаж, Номікі, Зубрыца, Войнувцы, а таксама шэраг вёсак Сакольскага павета. Пазней дзяржаўная мяжа, згодна з падпісаным пагадненнем павінна была праходзіць ўздоўж лініі Керзона, ці ў 2 км на ўсход ад Адэльска, недалёка ад вёскі Плебанаўцы. Да гэтага часу захавалася ў памяць людзей гэта назва.
Сабрана членамі школьнага краязнаўчага гуртка ДзУА «ВПК яслі-сад школа агр. Адэльск». Кіраўнік: Сілко Т.А.
Вуліцы Адэльска
Адэльск захаваў аблічча старой вёскі тыпу мястэчка. Забудова вуліц радыяльная. У цэнтры знаходзіцаа плошча (былы рынак), ад якой ў розныя бакі адыходзіць вуліцы, якія вядуць у розныя населеныя пункты.
Назва вуліц – самы важны элемент ўсёй сістэмы гарадской анамастыкі. Ў апісанні Адэльска за 1800 год зафіксавана інфармацыя аб вуліцах горада: «Калісьці ў горадзе быў вялікі рынак, 6 галоўных і пабочных вуліц».
Класіфікацыя вуліц за перыяд 1904 – 2000 год:- 1. Назвы вуліц, якія паходзяць ад імёнаў, прозвішчаў, псеўданімаў выбітных асобаў, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, кіраўнікоў. Асобную группу ўтвараюць назвы вуліц, якія паходзяць ад імёнаў знакамітых асобаў, жыццё якіх было звязана з горадам. Да гэтай группы належыць вуліца маршала Юзафа Пілсудскага і вуліца біскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
- 2. Назвы вуліцаў, якія паходзяць ад назваў гарадоў або абазначаюць напрамак да нейкай мясцовасці. Да гэтай группы адносяцца вуліцы Кузніцкая, Крынская.
- 3. Назвы вуліцаў, якія паходзяць ад тапаграфічных аб'ектаў, адлюстроўваюць важныя рысы пэўнай геаграфічнай мясцовасці (форма, велічыня, від глебы), натуральныя элементы асяроддзя, велічыню або форму самой вуліцы. Да гэтай группы адносяцца вуліцы Завыганная, Перадвыганная, Завулкавая, Рынак, Горная, Школьная.
- 4. Назвы вуліцаў, у аснове якіх выкарыстана метафара. У дадзеным выпадку вуліцы прыпісваюцца пэўныя ўласцівасці на аснове суб'ектыўных асацыяцый, якія паходзяць ад пораў года, месяцаў, рысаў характару чалавека і г.д. Да гэтай катэгорыі адносяцца вуліцы Майская, Добрая, Вішнёвая, Зялёная, Моладзевая, Новая.
У міжваенны перыяд змяніліся назвы ў паловы вуліцаў: вуліца Крынская была перайменавана ў вуліцу маршала Юзафа Пілсудскага; вуліца Завулкавая стала называцца Майскаю; вуліца Перадвыганная была перайменавана ў вуліцу Рынак.
З 1945 па 2000 год у анамастыцы адэльскіх вуліц адбыліся наступныя змены: вуліца маршала Юзафа Пілсудскага была перайменавана ў Школьную; вуліца Майская – у вуліцу Першага мая; вуліца Добрая стала называцца Верхняю; вуліца Завыганная стала называцца Зарэчнаю; вуліца Кузніцкая была перайменавана ў вуліцу У.І. Леніна, а затым – у вуліцу біскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Акрамя таго, у гэты перыяд узніклі чатыры новыя вуліцы: Новая, Моладзевая, Вішнёвая, Зялёная.
Макарчык, Ю. Адэльск 1490 - 2010 / а. Юзаф Макарчык. - Мінск: «Про Хрысто». - 2010. - С. 47 - 49.