“Ні дасць ні мамка, ні тататка, як малая крамка”. Такімі словамі ўспамінаюць старажылы гандаль у 30-я гады XX стагоддзя. Мясцовае насельніцтва у асноўным задавальняла свае патрэбы ўласнай вытворчасцю: гадавалі жывіну, забяспечвалі сябе агароднінай, самі пяклі хлеб, білі масла і смятану, вырошчвалі лён для вырабу тканін і пашыву адзення. Неабходныя тавары закуплялі ў мясцовых крамах, ездзілі на таргі ў суседнія мястэчкі (болшасць у Сакулку) для сбыту сваёй прадукцыі і куплі неабходных тавараў, у асноўным прамысловых. Гэта маглі быць соль, цукар, дрожджы, гаршчкі, збанкі, драўляныя вёдры, балеі і інш. Дні таргоў былі строга рэгламентаваны: панядзелак, пятніца – у Сакулцы, аўторак – у Індуры, чацвер – Крынкі. Іншыя дні таксама былі заняты другімі мястэчкамі. Серада была вызначана для Адэльска, але таргоў тут не адбывалася. Намаганні стварэння таргоў у Адэльску скончыліся беспаспяхов. З гэтага і пайшла прымаўка “Тогр, як у Адэльску” як іранічнае пазначэнне зусім няўдалых таргоў.

Па ўспамінах Пясецкага А.К., на пярэдадні Другой сусветнай вайны ў Адэльску было некалькі магазінаў:

1. Яцэвіч Іосіф Антонавіч (паляк) меў уласны магазін, які размяшчаўся на Рыначнай плошчы ў левым крыле дома (былая сядзіба Звяржевіча Антонія). Іосіф працаваў у Пецярбургу, адтуль прывёз сабе жонку Устыну.

2. Барцэвіч Антон (мяснік), прадаваў каўбасы.

3. Эпштейн Лейка і Шэйел (яўрэі) магазин (дом, дзе цяпер жыве сямья Раткоўскіх).

4. Магазін Эйсманта Ігнація знаходзіўся ў доме, які стаяў на вуглу паміж сядзібамі Яскевічаў і Звержэвічаў.

У гэтых магазінах прадавалі прамтавары: мыла, скуру, запанкі, гузікі, керасін, пасткі і інш. З яды – селядзец, семечкі гарбузныя, абаранкі, цукеркі, ячменную каву.

Яўрэі , якія пражывалі ў Аадэльску, займаліся рамяством і гандлем. Некаторыя трымалі свае невялікія крамы. Як успамінаюць старажылы, каб прывабіць кліентаў, давалі першаму пакупніку цукерку. У крамах не абавязкова плацілі грашыма: можна было выменяць тавары на яйкі і іншыя прадукты уласнай сельскагаспадарчай вытворчасці.

З прыходам савецкай улады стаў наладжвацца кааператыўны гандаль. Арганізатарам кааператыўнага гандлю з'яўлялася спажывецкая кааперацыя СССР. Спажывецкая кааперацыя - гэта добраахвотнае аб'яднанне грамадзян сельскай мясцовасці ў кааператывы (грамадства і саюзы). Галоўнай задачай кааператываў з'яўлялася разгортванне гандлю ў вёсцы. Кожны кааператыў на сумесныя калектыўныя сродкі адкрываў гандлёвыя прадпрыемствы (крамы, ларкі і інш.), закупляў прамысловыя і харчовыя тавары і прадаваў іх па цвёрдых цэнах жыхарам вёскі, забяспечваючы пераважна сваіх членаў-пайшчыкаў. У 1939 годзе з прыходам савецкай улады у Адэльску быў адкрыты першы кааператыўны магазін (сёння гэта месца, дзе размяшчаецца памятны знак да 525-годдзя Адэльска). Першым прадаўцом там стаў Яцэвіч Павел.

Таксама было адкрыта “сельпо” (скарочана ад “сельское потребительское общество”), старшыня Кандрусевіч Ігнацій Антонавіч. У Савецкі час у кааператыўныя магазіны пачалі завозіць адзенне, абутак і іншыя прамтавары. Дзейнічала сістэма пайшчыкаў, выдавалі спецыяльныя кніжкі. Як успамінае Пясецкі Антоній, у першую чаргу была разнарадка даваць тавары бедным сем’ям. Некаторы час кааператыўны магазін размяшчаўся ў сярэдняй частцы дома Звяржэвіча Антонія.

Пад час другой сусветнай вайны у доме, дзе жыў дырэктар школы Ігнацій Мазур, немцы зрабілі невялікі магазін. Прадавалі батарэйкі, лямпачкі да ліхтарыкаў.

У 1944 годзе з аднаўленнем савецкай улады быў адноўлены і кааператыўны магазін (сёння аграусадзьба). Прадаўцом працавала Галамбеўская Яўгенія Антонаўна. Тады з’явіліся першыя длінныя чэргі і бойкі за тавар. Завозілі канфеты-падушачкі, спірт-сырэц.

У 50-ыя гады адкрыўся Дом быта, які знаходзіўся каля цяперашняга клуба насупраць помніка Святому Антонію. Некаторы час частку гэтага будынка займаў кааператыўны магазін, у якім таргавалі Яцэвіч Франц Антонавіч і Яцэвіч Францішка Юстынаўна.

Будынак сённяшняга магазіна быў узведзены ў канцы 1950-х гадоў. З таго часу змянілася шмат прадаўцоў. У краме працавалі Будроўская Тамара Яўгеньеўна, Кеда Роза Францаўна, Сарока Генаэфа. На працягу многіх гадоў у краме працавала сямейная пара Васілеўскіх: Казімір Феліксавіч і Марыя Мачаславаўна. У 2000-я гг. іх змянілі Грыгенча Анна Станіславаўна і Будрэвіч Анжэліка Францаўна, Будрэвіч Юлія Антонаўна, Губерт Таццяна Аляксееўна.


З 2003 года ў Адэльску адкрыта прыватная крама “На Вішнёвай” Алізаровіч Алены Рышардаўны. Сёння прадаўцом там працуе Леута Ірына Анатольеўна.

Аўтар:Таццяна Сілко